Знаёмцеся: Дзяржынава

Музей-сядзіба размешчаны ў 75 км ад г. Мінска, у адным з прыгажэйшых куточкаў Беларусі – Налібоцкай пушчы.

Адкрыты ў 1972 г. як мемарыяльны комплекс “Дзяржынава” (архітэктар Ю. Казакоў, скульптар С. Вакар), які з’яўляўся філіялам створанага ў 1957 г. у г.п. Івянец музея Ф.Э. Дзяржынскага, з 2006 г. – сучасная назва.

У XIX ст. тут, на шырокай паляне, сярод векавых дрэў знаходзілася сядзіба стараданяўга рода Дзяржынскіх, уладальнікаў шляхецкіх гербаў Суліма і Ястрабец – маёнтак Аземблова-Дзяржынава. У той час яна належала Ашмянскаму павету Віленскай губерні.

У 1875 г. пасля выхаду на пенсію, сюды прыехаў са сваёй сям’ёй Эдмунд-Руфін Дзяржынскі (1838 – 1882), у мінулым выпускнік Петярбургскага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык фізікі і матэматыкі ў Херсоне і Таганрозе. У 1877 г. тут, у маёнтку, нарадзіўся Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі.

У 1935 г. у Дзяржынаве пасяліўся Казімір Дзяржынскі з жонкай Люцыяй Вільгельмаўнай. Летам 1943 г. яны былі расстраляны за антыфашысцкую дзейнасць, а маёнтак спалены.

У 1963 г. па рашэнню Савета Міністраў БССР сядзіба Дзяржынава з прылягаючай тэрыторыяй у 80 га была абвешчана помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

У 2002 г. мемарыяльны комплекс “Дзяржынава” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

На працягу 2003 – 2004 гг. у Дзяржынаве праводзіліся рамонтна-аднаўленчыя работы. Сёмага кастрычніка 2004 г. адчыніў дзверы дом-музей сям’і Дзяржынскіх, які размясціўся ў поўнасцю адноўленым, у адпаведнасці з гістарычнымі дакументамі, жылым доме, дзе прайшло дзяцінства Фелікса Дзяржынскага.

На першым паверсе музея размясцілася экспазіцыя, прысвечаная гісторыі сям’і Дзяржынскіх: тут распавядаецца аб старажытным шляхецкім родзе Дзяржынскіх, аб лёсах яго прадстаўнікоў, асвячаецца храналогія гістарычных працэсаў і падзей, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі - ад часоў стварэння Вялікага княства Літоўскага і да сучаснасці: у розны час яна ўваходзіла ў склад ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польскай Рэспублікі, СССР. Тагачасную атмасферу, якая панавала ў доме ў канцы XIX – пачатку XX стст., узнаўляюць сапраўдныя рэчы сям’і Дзяржынскіх, якія арганічна ўпісаны ў рэканструяваныя інтэр’еры дзіцячага пакоя, сталовай, гасціннай, кабінета. На другім паверсе размешчана экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Ф.Э. Дзяржынскага. Тут прадстаўлены асабісстыя рэчы Фелікса Эдмундавіча – дэталі інтэр’ера рабочага кабінета, аўтарскія кнігі, сямейныя фотаздымкі. Завяршае экспазіцыю калекцыя падарункаў і сувеніраў музею ад дэлегацый з розных краін свету, наведаўшых Дзяржынава.

Тэрыторыя музея-сядзібы складае 6,67 га. Уздоўж дарожкі, якая вядзе праз сасновы бор да музея, размясцілася алея з 49 валуноў, якія сімвалізуюць гады, пражытыя Ф.Э. Дзяржынскім. Зусім нечакана лес раступаецца, утвараючы жывапісную паляну, дзе размяшчаюцца адноўленыя жылы дом і гаспадарчыя пабудовы сядзібы. На плошчы, на высокім пастаменце з цёмна-чырвонага граніту, ўстаноўлены бронзавы бюст Ф.Э. Дзяржынскага. Прыцягваюць увагу падрэстаўраваныя прыродным каменем невысокія падмуркі пабудоў і калодзежны зруб, з якога цягнецца да сонца бяроза ў два ствалы.

Нашы наведвальнікі маюць магчымасць атрымліваць не толькі цікавыя звесткі па тэматыцы музея, але і асалоду ад прыгажосці гэтых мясцін. Вакол непадзельна ўладарыць прырода ў спрадвечнай сваёй прыгажосці – сядзіба акружана прыгажунямі-елкамі, стройнымі бярозамі і гонкімі соснамі. Размяшчэнне музея-сядзібы ў лясным масіве на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Налібоцкі", адсутнасць паблізу населеных пунктаў, добраўпарадкаваная тэрыторыя, спевы птушак, лекавы водар лясных траў і хваёвай смалы, а, самае галоўнае, тыя цішыня і спакой, у якія акунаешся адразу пасля прыезду сюды, даюць магчымасць адасобленнага адпачынку ўдалечыні ад гарадскога шуму і мітусні, напаўняюць чалавека неверагоднай сілай і энергіяй.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!